ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».
Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.
А.П.Ткачэнка.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)